РАСТО́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Русі 13—15 ст. з цэнтрам у Растове. Вылучылася ў 1207 з Уладзіміра-Суздальскага княства. У яго ўваходзілі Яраслаўль, Угліч, Малога, Белавозера і Усцюг. Першы князь Р.к. — Канстанцін Усеваладавіч (у 1216 стаў вял. кн. уладзімірскім) падзяліў Р.к. паміж сынамі. У выніку з яго вылучыліся Яраслаўскае, Угліцкае, Белаазёрскае княствы. у 1277 кн. Глеб Васількавіч на кароткі час далучыў да Р.к. Белаазёрскае княства, у 1285 — і Угліч. З сярэдзіны 14 ст. Р.к. трапіла пад уплыў маскоўскіх князёў. Іван Каліта выкупіў г. Угліч. Пры Дзмітрыю Данскім князі Р.к. сталі фактычна «службовымі» князямі Масквы. З 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы.
т. 13, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)